«ЗБОР ДЗЯРЖА́ЎНЫХ ГРА́МАТ І ДАГАВО́РАЎ»

Собрание государственных грамот и договоров»),

выданне дакументаў па рас. гісторыі з архіва Мін-ва замежных спраў. Падрыхтаваны Камісіяй друку дзярж. грамат і дагавораў. У 1813—94 апубл. 5 ч. (1037 дакументаў). У 1—4-й ч. змешчаны матэрыялы па ўнутр. гісторыі 13 ст. — 1696, у т.л. духоўныя і дагаворныя граматы 13—16 ст., указы 16—17 ст., дакументы Земскіх сабораў, войнаў Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34 і 1654—67 і інш. 5-я ч. змяшчае дакументы па дыпламат. гісторыі краіны 14—16 ст., у т.л. па зносінах Расіі з Рэччу Паспалітай і інш. дзяржавамі. Дакументы суправаджаюцца апісаннем і відарысам пячатак.

«ЗБОР ДЗЯРЖА́ЎНЫХ І ПРЫВА́ТНЫХ АКТАЎ»

Собрание государственных и частных актов, касающихся истории Литвы и соединенных с ней владений (от 1387 до 1710 г.)»],

зборнік дакументаў па гісторыі ВКЛ. Выдадзены Віленскай археалагічнай камісіяй пад рэд. М.Круповіча (ч. 1, 1858). Змяшчае 54 дакументы, у т.л. прывілеі Ягайлы і Вітаўта каталіцкай царкве (1387—88), вял. кн. Казіміра і Аляксандра феадалам на землі, Жыгімонта I Старога Ф.Скарыне (1532), Жыгімонта II Аўгуста А.Ратундусу, ліст Ж.Кальвіна да віленскіх пратэстантаў, інвентары Ляхавіцкага замка (1658), Смаленска і Смаленскага замка (1654), рэестр войска ВКЛ, што абараняла Смаленск у 1654 ад рас. арміі, суд. справы аб вядзьмарстве, дакументы пасольства Аўгуста П да Пятра I (1703—11) і інш. Большасць дакументаў надрукавана з арыгіналаў на лац., бел. і польскай мовах. Выданне збору стала адной з падстаў для закрыцця ўладамі Віленскай археал. камісіі і Віленскага музея старажытнасцей.

«ЗБОР ДЭКРЭ́ТАЎ, УКА́ЗАЎ ПРЭЗІДЭ́НТА І ПАСТАНОЎ УРА́ДА РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ»,

афіцыйнае выданне Адміністрацыі Прэзідэнта і ўрада Рэспублікі Беларусь. Выходзіць са снеж. 1996 на бел. і рус. мовах 3 разы на месяц. Друкуе дэкрэты, указы Прэзідэнта і пастановы ўрада Рэспублікі Беларусь. Мае дадатак «Міжнародныя дагаворы Рэспублікі Беларусь» (выдаецца з крас. 1997). Уключаныя ў яго дакументы друкуюцца на мове арыгінала. У 1922—90 выходзіў «Збор законаў Беларускай ССР, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў Савета Міністраў Беларускай ССР», у 1991—94 — «Збор пастаноў урада Рэспублікі Беларусь», у жн. 1994 — ліст. 1996 — «Збор указаў Прэзідэнта і пастаноў Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь».

«ЗБОР ЗАКО́НАЎ БЕЛАРУ́СКАЙ ССР, УКА́ЗАЎ ПРЭЗІ́ДЫУМА ВЯРХО́ЎНАГА САВЕ́ТА БЕЛАРУ́СКАЙ ССР, ПАСТАНО́Ў САВЕ́ТА МІНІ́СТРАЎ БЕЛАРУ́СКАЙ ССР»,

афіцыйнае выданне ўрада БССР. Выходзіў у 1922—90 на бел. і рус. мовах 3 разы на месяц. Друкаваў законы, указы, пастановы Вярх. Савета БССР, пастановы і распараджэнні СМ БССР, нарматыўныя акты рэсп. ведамстваў. Да жн. 1925 наз. «Збор узаконенняў і распараджэнняў Рабоча-Сялянскага ўрада Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі», у жн. 1925—маі 1941 і 1946—17 — «Збор пастаноў і распараджэнняў урада Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі», у 1946—49 — «Збор пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі», у 1950—55 не выдаваўся, з 1956 да чэрв. 1979 — «Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР». У 1990—96 выдаваліся «Ведамасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь», у 1991—94 — «Збор пастаноў урада Рэспублікі Беларусь». Са студз. 1997 выдаюцца «Ведамасці Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь».

т. 7, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)